«ЁН ЖЫЎ СВАБОДНА, ЯК СВАБОДНЫ ГРАМАДЗЯНІН»

у_юргевича_2021

15 траўня сябры Беларускага Незалежнага прафсаюза (БНП) традыцыйна адзначаюць дзень народзінаў Івана Вацлававіча Юргевіча – аднаго з яскравейшых лідараў беларускага працоўнага руху 90-х гг, заснавальніка Беларускага Незалежнага прафсаюза, шахцёра, публіцыста, першага рэдактара газеты «Салідарнасць», сябра грамадскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне».


Нарадзіўся ён пад час Другой сусветнай вайны ў 1943 годзе, у вёсцы Целяшы Докшыцкага раёну, Віцебскай вобласці. Па нацыянальнасці беларус, ахрышчаны ў каталіцкую веру. Скончыў 7 класаў агульнаадукацыйнай школы ў 1957 годзе. У 17 гадоў паехаў працаваць на лесагаспадарку ў Пячорскі раён, Комі АССР. Пазней паступае ў Варкуцінскае Горнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 3.

З 1963 годзе ўладкоўваецца на Варкуцінскія шахты электраслесарам. З 1964 па 1967 год служыць у Савецкім войску. Пасля звальнення з войска вярнуўся зноў на Варкуцінскія шахты. У 1973 годдзе пераязджае ў Нарыльск дзе працуе тры гады рабочым на мясцовым металургічным камбінаце. У 1976 вяртаецца на радзіму. Уладкоўваецца на Вытворчым аб’яднанні «Беларуськалій» машыністам горна-вымальных машын.

Пасля падзей у Польшчы пачатка 80-хх гг., звязаных з працоўным рухам “Салідарнасць”, пачынае актыўна праяўляць сваю пазіцыю. Публікуецца ў “Калійшчык Салігорска”, а пазней яго абіраюць сябрам Рады працоўнага калектыву аб’яднання.

Разам з паплечнікамі 18 жніўня 1990 года на Ўстаноўчай канферэнцыі Міжпрафэсійнага саюза рабочых Салігорска быў абраны старшынёй. Пад час красавіцкіх падзей 1991 года, разам з Міхаілам Собалем, Генадзем Быкавым, Георгіем Мухіным і Сяргеем Антончыкам быў адным з лідараў палітычнага страйку ў БССР. Салігорскім страйкавым камітэтам быў абраны яго старшынёй разам з Васілём Юркіным.

Пад час красавіцкага страйку ў Салігорску да яго прыйшла ідэя заснаваць незалежнае ад уладаў друкаванае выданне. Адзін з першых рэдактараў газеты “Салідарнасць” Уладзімір Дуброўскі ўзгадваў:

У красавіку 1991 года перад вялікім мітынгам на галоўнай плошчы Салігорска, бліз Палаца культуры, з’явіўся Юргевіч з невялікай колькасцю газет. Недзе 100 экзэмпляраў, з свежай тыпаграфскай фарбай, з тыпаграфіі якая была ў трэсце. Людзі хапалі гэту газету, яна была бясплатная. Слова праўды, тады не было інтэрнэту, гэта было штосці… Ён сам падрыхтаваў газету, матэр’ялы для яе. У вёрстцы і друку яму дапамагаў Рыгор Сачыловіч, які працаваў у тыпаграфіі.

Назва газеты была абрана па прынцыпу польскай “Салідарнасці”, якой захапляліся ў той час амаль усе лідары працоўнага руху.

Пад час Устаноўчага з’езду Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі 6 кастрычніка 1991 года не ўзнікла пытанне, каго абраць старшынёй новага прафсаюза, паколькі Аляксандр Доўнар і Васіль Юркін знялі свае кандыдатуры на карысць свайго паплечніка. 64-мя галасамі з 85-ці быў абраны першым старшынёй НПГБ.

Паджары, высокі, барадаты ў кароткіх паласатых нагавіцах са стосам газет пад пахай і значкам Міхаіла Гарбачова на лацкане пінжака, – Такім яго бачылі многія, у тым ліку і Іван Пермінаў. – Калі-некалі ён мог і разануць словам.

Мікалай Новік, першы старшыня НПГ «Беларуськалій», пацвярджае, што дысцыпліна і рэзкасць былі рысамі яго характару:

Неяк мы пратэрмінавалі пералік унёскаў з НПГ у БНП. Праз гадзіну, я і бухгалтар НПГ Аляксандра Федуковіч стаялі па выцяжцы ў кабінеце Івана Вацлававіча і тлумачылі, чаму затрымалі пералік сродкаў. Зараз гэта смешна, але тады нам з бухгалтарам было не да смеху.

Нягледзячы на гэта, большасць знаёмых з ім адзначаюць, што крыўды на яго ніколі не было, быў непахісны аўтарытэт і павага. Не было жадання спрачацца, а было жаданне слухаць, адзначалі актывісты НПГ Аляксандар Даноўскі і Юры Захараў.

Узначальваў Незалежнага прафсаюза гарнякоў Беларусі (з 1993 года перайменаваны ў БНП) на працягу чатырох гадоў да 1995 года. Удзельнік 44-дзённага страйку на ВА «Беларуськалій» і 21-дзённай галадоўкі ў сакавіку-красавіку 1992 года. У 1993 годзе ўдзельнічаў у стварэнні Асацыяцыі прафсаюзаў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі (БКДП).

На паседжанні Мінскага страйкаму ў траўні 1991 года. Фота Уладзіміра Кармілкіна

«На паседжанні Мінскага страйкаму ў траўні 1991 года. Фота Уладзіміра Кармілкіна»

 

Пра бачанне будучага прафсаюзнага руху Беларусі Івана Вацлававіча, распавёў на сваёй старонцы Андрэй Мрост, прафсаюзны трэнер, што не адно дзесяцігоддзе супрацоўнічаў з БНП.

Мабыць не ўзгадаю такога другога лідара ў шахцёрскім руху ў 80 – 90х… Адважныя былі, адчайныя былі, самаадданыя былі, да ўсіх гэтых якасцях у Івана дадавалася дзівосная здольнасць маштабна мысліць пры адначасовым скрупулёзным пранікненні ў драбнюткія дэталі; паважліва, часам проста-такі ласкава гаварыць з людзьмі і ўменне слухаць і пачуць…

Як то на нашай яшчэ ICEF-аўскай канферэнцыі для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, здаецца ва Ўроцлаве, разгарэўся скандал паміж беларускім НПГБ (БНП) і «Белхімпрафсаюзам»: прадстаўнікі НПГ у сваіх выступах дружна называлі старыя прафсаюзы «дзяржаўнымі». Людміла Грушэцкая, старшыня «Белхімпрафсаюза», публічна абурылася, апелявала да кіраўніцтва ICEF… Ледзь удалося суняць запал і працягнуць працу па парадку дня.Увечары, пасля вячэры, я зайшоў да Івана ў нумар проста пагаварыць за жыццё.

Памятаю, я пачаў размову з падначкі: вось глядзі Іван, ты са скуры лезеш вунь, ствараючы новыя прафсаюзы, але многія з іх не выжываюць; ты падобны на чалавека, які вылазіць з каменнай студні, уся ўвага якога накіравана на тое, каб знайсці чарговы выступ, за які можна было б ухапіцца; ты не можаш адарваць погляду ад сцяны, падняць галаву і агледзецца. А вось старыя прафсаюзы, як то спакойна жывуць, і колькасць у іх амаль не падае… у чым справа? Потым наш размова плаўна перайшла на абмеркаванне стратэгіі развіцця НПГБ (БНП), ды і ўсяго новага, як тады называлі «альтэрнатыўнага» прафсаюзнага руху… Менавіта той ноччу мы прыдумалі схему пра кансалідацыю і далейшае развіцця новага руху ў Беларусі, па якой Віктар Бабаед павінен будзе ў Менску працаваць над стварэннем канфедэрацыі альтэрнатыўных прафсаюзаў, а Іван будзе працягваць вырошчваць галіновыя прафсаюзы на месцах, якія б потым маглі аб’яднацца ў агульнанацыянальную канфедэрацыю. Мы рассталіся гадзіны ў 4 ночы, але як высветлілася пазней, Іван, не лёг спаць…

На наступны дзень у сваім выступе ён уразіў усіх нас, і ў першую чаргу сваіх калег з НПГБ, сказаўшы прыкладна: а я бачу той дзень, калі мы аб’яднаемся з «Белхімпрафсаюзам» і створым новы магутны прафсаюз, які не будзе нічога і нікога баяцца… Божа, што тут пачалося… Яго ледзь не ў здрадзе «альтэрнатыўшчыкі» хорам сталі вінаваціць. Але Іван добра трымаў удар, і з думкі яго збіць было немагчыма. Потым быў першы сумесны семінар ICEF для НПГБ (БНП) і «Белхімпрафсаюза» у Салігорску, з удзелам нямецкага IG CHEMIE… Які пачаўся з рассаджвання ў зале па прынцыпе сценка на сценку, а скончыўся працай у змешаных групах і практычна поўным супадзеннем поглядаў на праблемы і выклікі.

Потым Віктар Бабаед з’ехаў у Менск ствараць Канфедэрацыю, а Іван з двума інфарктамі працягваў як вар’ят матацца па краіне… Сэрца не вытрымала… План без Івана не спрацаваў…На жаль, улады ў Беларусі зразумелі думку Івана значна хутчэй і паўней, чым многія калегі, і зрабілі ўсё магчымае, каб засцерагчы старыя прафсаюзы ад пранікнення новых ідэй і перараджэння ў новы рух. Ды і не толькі ўлады Беларусі, але практычна ўсе ўлады ў СНД… Яны адрываюць погляд ад сцяны калодзежа і аглядаюцца вакол…

Пасля пагаршэння здароўя ў 1995 годзе ён пакінуў пост старшыні БНП і паступіў на 1 курс філасофскага факультэта БДУ. Магчыма гэта і стала добрым натхненнем для іншых, ужо немаладых прафсаюзных лідараў НПГ, таксама пайсці вучыцца.

Святлана Ушчапоўская, узгадвае, суворы і строгі твар, і постаць да якой усе ставіліся з нейкім трымценнем. А на сам рэч, за гэтым хаваўся чуллівы чалавек:

Памятаю, як я маладая дзяўчынка вяла свой першы пратакол аднаго з паседжанняў і вельмі хвалявалася, не паспявала, збівалася. І ён, вельмі па-бацькоўску ставіўся да гэтага: спыняў гарачыя шахцёрскія галовы, надыктоўваў, як правільна сфармуляваць думку. Калі ў прыватнай размове я падзялілася з ім сваімі планамі пра атрыманне адукацыі псіхолага, ён з вялікай зацікаўленасцю падтрымаў тэму падвышэння адукацыі і адзначыў, што яму вельмі цікава гэта сфера.

Яго сучаснікі ўзгадваюць дзіка пракураную кватэру па вуліцы Горкага ў Салігорску, дзе праходзілі першыя паседжанні першага ў горадзе дыскусійнага клуба “Пошук”. Кватэра была завалена вялікая колькасцю кніг, якія ляжалі на падваконніках, на падлозе, практычна паўсюль. Пастаянная прага да ведаў – асаблівая рыса гэтага чалавека.

Яшчэ здзіўляла яго спакойнасць і ўпэўненасць. Тады ў Салігорск прыязджалі шмат розных высокіх гасцей з урада і міністэрстваў, той жа старшыня Вярхоўнага савета РБ Станіслаў Шушкевіч, іншыя – Іван Вацлававіч пры сустрэчы з імі выпраменьваў абсалютны спакой, у адрозненні ад Аляксандра Доўнара і Леаніда Мархоткі, якія вельмі мітусіліся пры гэтым, – узгадвае спадарыня Ушчапоўская.

Сутсрэча кіраўніцтва БНП з старшынёй Вярхоўнага Савета РБ Станіславам Шушкевічам

«Сутсрэча кіраўніцтва БНП з старшынёй Вярхоўнага Савета РБ Станіславам Шушкевічам»

 

Добра ведаў і сябраваў з ім яго паплечнік Канстанцін Арыстаў, які да сённяшняга часу ласкава называе яго Ванька:

Для ўсіх, хто ішоў, пачынаючы з канца 80-х услед за ім, для тых шахцёраў-рабацяг, хто зрабіў тое, чаго не змаглі папярэднія пакаленні не толькі падземных работнікаў, але і іншых работнікаў, ён – старэйшы брат і проста Ваня. Але імя Івана Юргевіч для гарнякоў – сімвал лідарства, веры ў сябе, і лад бескампраміснага змагара за правы шахцёраў. “Слабо, брат, паўплываць на побач жывучага?.. Слабо ўсяліць у рабацяг упэўненасць у будучыні?.. Слабо аб’яднаць людзей для агульнай мэты?.. Слабо абудзіць у іх важнасць існаваў тады яшчэ толькі ў думках прафсаюза пад назвай Незалежны?.. Слабо зрабіць так, каб людзі падтрымлівалі Незалежны прафсаюз і яго пачынанні?.. Слабо проста адкрыта казаць пра тое, што набалела, чым астатнія дзяліліся толькі на кухнях і шэптам?.. Слабо не проста данесці да чалавека сваю ідэю, а зрабіць так, каб той загарэўся ёй, каб быў побач і ў бядзе і ў радасці?.. Слабо?..”

Да Вані Юргевіча – простага рабацягі, салігорскага шахцёра, народжанага ў глухой беларускай вёсачцы, усім было слабо… А ён змог! І яго разумелі. За ім ішлі.

Ваня быў выдатным псіхолагам, умеў пастаяць за сябе і іншых настройваў на патрэбную ноту. Мог згуртаваць вакол сябе людзей, ствараў атмасферу ўпэўненасці, робячы гэта дыпламатычна – не зневажаючы, але настойліва патрабуючы адказнасці за свае ўчынкі. Па сутнасці, менавіта ён ускалыхнуў Беларусь у пачатку 90-х, прыняўшы ўдзел у напісанні «найноўшай гісторыі» краіны.

Знаёмства з гэтым уважлівым, удумлівым, крыху сагнуты чалавекам з сівізной змяніла жыццё многіх. Гэтыя сустрэчы пакідалі глыбокі след у душы, а часам і пераварочвалі прытомнасць. Пра гэта кажуць усе, хто быў знаёмы з Іванам Юргевіч. Менавіта дзякуючы гэтаму чалавеку ў салігорскія шахты паступіла паветра.

Пастаянным паплечнікам Юргевіча быў Аляксандр Доўнар, з якім яны і рабілі першыя крокі па стварэнню клуба “Пошук”, Рабочага саюза і Беларускага Незалежнага прафсаюза.

У яго быў досыць дужы розум і характар. Ён заўсёды мог настаяць на сваім меркаванні, часам у суправаджэнні эмоцый і гэта ўражвала. Ён мог крыкнуць, ударыць па стале. Ён жыў свабодна, як свабодны грамадзянін. Мне гэта было сімпатычна, але з іншага боку, як партыйнаму функцыянеру, непрыемна. У адрозненні ад нашай кагорты – мяне, Н.Новіка, И.Пермінава – ён ніколі не ішоў у дэпутаты. Валодаючы простай мовай, ён заўсёды быў зразумелы працоўным. Ён казаў проста і зразумела, а з другога боку ён мог унесці ў гэтую прастату немалую сістэму складанасцяў.

Ён ніколі не ўваходзіў ні ў якую партыю, акрамя Працоўнага саюза і грамадскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне». Ён ігнараваў усе гэтыя палітычныя сістэмы. У яго былі калегі і сярод беларусаў, амерыканцаў, палякаў, рускіх, украінцаў і казахаў. Усюды былі людзі, якія ставіліся да яго з павагай. Прычынай гэтага было тое, што ён умеў размаўляць з людзьмі. Ён быў вельмі камунікабельны чалавек.

Нездаровы лад жыцця і надрыўны тэмп прафсаюзнай дзейнасці прывялі да чатырох сардэчных прыступаў. 17 снежня 2002 года ва ўзросце 59-ці гадоў, яго нястала. Пахаваны Іван Вацлававіч быў бліз старажытнага беларускага гораду Полацку, куды па ініцыятыве НПГ 4РУ кожны год, на дзень яго нараджэння прыязджаюць актывісты Беларускага Незалежнага прафсаюза.

У ГЭТЫМ ГОДЗЕ БЕЛАРУСКІ НЕЗАЛЕЖНЫ ПРАФСАЮЗ АДЗНАЧАЕ СВАЁ 30-ГОДДЗЕ І МЫ ПРАЦЯГВАЕМ РУБРЫКУ, ПРЫСВЕЧАНУЮ ПРАФСАЮЗНАМУ ЮБІЛЕЮ.


ПАДРЫХТАВАЎ: Раман ЕРАШЭНЯ /belnp.org/